ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў, афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)